Территория
инновационного бизнеса

Як ідэя становіцца бізнесам

Гомельскі тэхнапарк зараз — быццам масток паміж навуковай сферай і рэальным сектарам эканомікі, выдатная стартавая пляцоўка, дзе чалавек у максімальна камфортных умовах можа рэалізаваць свае інавацыйныя ідэі і распрацоўкі.

На плошчы звыш 4 тыс. квадратных метраў у Гомельскім тэхнапарку цяпер працуе 18 рэзідэнтаў. Гэта арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі. Усяго 245 чалавек. У 2016 годзе тут было створана 114 новых працоўных месцаў. Сёння запоўненасць памяшканняў парка складае амаль 100%.

Заснавальнікам Гомельскага тэхнапарка з'яўляецца аблвыканкам. Адсюль вынікае, што тэхнапарк — дзяржаўная арганізацыя, якая ўяўляе сабою класічную мадэль бізнес-інкубатара еўрапейскага ўзора. Ідэі, якія ўвасабляюць у жыццё рэзідэнты, магчыма, у будучыні стануць пунктамі росту эканомікі.

Тэхнапарк займаецца падтрымкай інавацыйных праектаў у розных сферах: мікраэлектроніка, прыборабудаванне і шэраг іншых кірункаў. І ўсё ж найбольш актыўна тут развіваецца ІТ-сегмент. Каля 50% рэзідэнтаў Гомельскага тэхнапарка занятыя ў сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Сярод іх ёсць тыя, хто працуе на ўнутраны рынак, і тыя, хто накіраваны на экспарт.

Геаграфія экспарту рэзідэнтаў за час існавання парка ўключала: Вялікабрытанію, Ганконг, Італію, Літву, Малайзію, Польшчу, Расію, Славакію, ЗША, Тайвань, Турцыю, Украіну, Чылі, Паўднёвую Карэю. Статус рэзідэнта могуць атрымаць стартапы, або кампаніі, якія ўжо працуюць на рынку, а таксама індывідуальныя прадпрымальнікі. Максімальны тэрмін для рэалізацыі праекта — шэсць гадоў. Калі ідэя аказваецца вартай, то кампанія ці бізнесмен адпраўляецца ў вольнае плаванне. У выпадку правалу — пакідае сцены інкубатара. Па сусветнай статыстыцы, са 100% тых, хто рызыкнуў стварыць прыватную справу ў тэхнапарку, выжывае каля 80.

Дасягнутыя поспехі і вынікі можна ацаніць лічбамі. Як расказала памочнік дырэктара ААТ «Гомельскі тэхнапарк» Алена МЯЛЕШКА, па выніках работы за першае паўгоддзе 2017-га рэзідэнтамі экспартавана прадукцыі і паслуг на суму 2 136,91 тыс. руб. За паўгоддзе рэзідэнты, выплаціўшы падаткі, зборы і плацяжы, папоўнілі дзяржаўную казну на 912,86 тыс. руб.

Між тым дзейнасць Гомельскага тэхнапарка не абмяжоўваецца работай з яго рэзідэнтамі ў сценах будынка. Існуе мноства ідэй і праектаў. Напрыклад, плануецца спецыяльна для школьнікаў арганізаваць тэхнічныя цэнтры, гурткі, каб такім чынам стымуляваць займацца дакладнымі навукамі: матэматыкай, хіміяй, фізікай.

Развіваецца і супрацоўніцтва Гомельскага тэхнапарка з Гомельскім дзяржаўным універсітэтам імя Ф. Скарыны і Гомельскім дзяржаўным тэхнічным універсітэтам імя П. В. Сухога. На пастаяннай аснове студэнты гэтых ВНУ праходзяць вытворчую і пераддыпломную практыку ў кампаніях-рэзідэнтах. Дарэчы, навучальныя ўстановы выказваюць гатоўнасць карэктаваць вучэбныя праграмы зыходзячы з запатрабаванняў магчымых работадаўцаў. Акрамя таго, кампаніі-рэзідэнты арганізуюць для студэнтаў і супрацоўнікаў універсітэтаў курсы ў сферы інфармацыйных тэхналогій.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Ссылка на источник: http://zviazda.by/be/news/20170815/1502803829-yak-ideya-stanovicca-biznesam

Материалы по теме: